ТРЫНІДА́Д І ТАБА́ГА (Trinidad and Tobago),

Рэспубліка Трынідад і Табага (Republic of Trinidad and Tobago), дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. астравах каля паўн. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі. Пл. 5,1 тыс. км². Нас. 1175,5 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская. Сталіца, гал. эканам. цэнтр і порт — г. Порт-оф-Спейн. Краіна падзяляецца на 8 графстваў і 3 муніцыпалітэты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жн.).

Дзяржаўны лад. Т. і Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з членаў парламента на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з сената (31 член) і палаты прадстаўнікоў (36 дэпутатаў), што выбіраюцца на 5 гадоў; 9 сенатараў назначае прэзідэнт, 16 — рэкамендуе прэм’ер-міністр, 6 — лідэр апазіцыі. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кааліцыйны ўрад.

Прырода. В-аў Трынідад (пл. 4,8 тыс. км²) пераважна раўнінны. Ёсць 3 невысокія горныя ланцугі (выш. да 940 м). На в-ве Табага (пл. 0,3 тыс. км²) горы (выш. да 579 м) і вапняковае плато. На в-ве Трынідад радовішчы нафты (на сушы і на шэльфе), асфальту (воз. Піч-Лейк), прыроднага газу. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў за год ад 1200 мм на З да 3800 мм на У. Бываюць разбуральныя трапічныя ўраганы. Трапічныя лясы (трынідадскі цік, карыбская хвоя, махагоніевае дрэва. чырвоны сандал, бальса і інш.) займаюць 46% тэр. Фауна мае падабенства з фаунай Паўд. Амерыкі. Трапляюцца пекары, ацэлот, апосум, агуці, малпакапуцын, кажаны, чарапахі, змеі, алігатары. Шмат птушак. Ёсць рэзерваты і марскі запаведнік.

Насельніцтва. Жывуць негры (39,5%, нашчадкі рабоў), індыйцы (40,3%, нашчадкі закантрактаваных рабочых з Паўн. Індыі), мулаты (18,4%), еўрапейцы, кітайцы і інш. Сярод вернікаў хрысціяне (62%, пераважна католікі і англікане), індуісты (25%), мусульмане (6%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 230,5 чал. на 1 км². Больш шчыльна (да 400 чал. на 1 км²) заселена зах. ч. в-ва Трынідад. Гар. насельніцтва 73%. У г. Порт-оф-Спейн з прыгарадамі больш за 300 тыс. ж. (1996), у г. Сан-Фернанда каля 50 тыс. ж., астатнія гарады невялікія. У прам-сці занята каля 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — каля 10%, у абслуговых галінах — каля 60%.

Гісторыя. На час адкрыцця ў 1498 Х.Калумбаіл в-аў Трынідад быў населены індзейцамі-аравакамі, в-аў Табага — карыбамі. У 1532—1797 в-аў Трынідад быў ісп. калоніяй, у 1797 захоплены Вялікабрытаніяй (афіцыйна замацаваны за ёй у 1802). За валоданне в-вам Табага спрачаліся розныя еўрап. дзяржавы (у 1652—58 — уладанне Курляндскага герцагства, васала ВКЛ), у 1763 захоплены Вялікабрытаніяй (замацаваны за ёй у 1814). У 1889 абодва востравы аб’яднаны ў адзіную калонію. У выніку лютай эксплуатацыі большасць індзейцаў знішчана, замест іх для працы на плантацыях прывозіліся негры-рабы з Афрыкі. Пасля скасавання рабства ў 1834 пачалася эміграцыя рабочых з Індыі і Кітая. У 1958—62 Т. і Т. — чл. Вест-Індскай федэрацыі. 31.8.1962 абвешчана незалежнасць Т. і Т. ў складзе Садружнасці.

1.8.1976 абвешчана рэспубліка. Да сярэдзіны 1980-х г. у паліт. жыцці краіны дамінавала Нар. нац. партыя, якая адлюстроўвала інтарэсы пераважна афратрынідадцаў. З канца 1980-х г. вял. ўплыў у палітыцы набыў Аб’яднаны нац. кангрэс, які адлюстроўвае інтарэсы індатрынідадскай абшчыны і з 1995 узначальвае ўрад дзяржавы. Т. і Т. — чл. ААН (з 1962), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1967). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны нац. кангрэс, Нар. нац. партыя, Нац. саюз за рэканструкцыю.

Гаспадарка. Т. і Т. — адна з развітых краін Карыбскага бас., мае развітую эканоміку з моцным прыватным і невялікім дзярж. сектарамі. У 1999 валавы ўнутр. прадукт склаў 4,4 тыс. дол. на 1 чал., у т. л. ў нафтавым сектары ствараецца 21,4%, у астатніх галінах прам-сці і буд-ве — 18,6%, у сельскай гаспадарцы — 2%, у гандлі і турызме — 18,3%, у інш. абслуговых галінах — 39,7%. У прам-сці гал. ролю адыгрывае здабыча і перапрацоўка нафты і газу. Здабычу вядуць пераважна замежныя кампаніі. У 1998 здабыта 7,1 млн. т нафты і каля 1 млрд. м³ газу. Асноўную частку нафты здабываюць на марскіх радовішчах. Вытв-сць нафтапрадуктаў каля 8 млн. т (1998); акрамя мясц. перапрацоўваецца нафта з Венесуэлы і інш. краін. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі на З в-ва Трынідад у наваколлі г. Сан-Фернанда (у т. л. 3 нафтаперапр. з-ды, нафтахім. камбінат, з-д па вытв-сці азотных угнаенняў). Распрацоўваюцца запасы асфальту (воз. Піч-Лейк), штогадовая здабыча 100—200 тыс. т. Вытв-сць электраэнергіі 4,8 млрд. кВт∙гадз (1998), пераважна на ЦЭС. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты цукр., цэм., тэкст., абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў. Ёсць металург. з-д, прадпрыемствы па вытв-сці пластмас і хімікатаў, па зборцы легкавых аўтамабіляў і тэлевізараў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Шмат дробных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Развіты саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 133 тыс. га зямлі, у т. л. пад ворывам 77 тыс. га, пад шматгадовымі насаджэннямі 46 тыс. га, пад пашай 10 тыс. га. Пануе буйное землеўладанне. Гал. экспартная культура — цукр. трыснёг, займае каля 40 тыс. га, штогадовы збор каля 2 млн. т (каля 200 тыс. т цукру). Меншае значэнне маюць какава, кава, какосавая пальма, цытрусавыя. бананы, тытунь. Асн. харч. культуры: рыс, ямс, бабовыя, кукуруза, маніёк, батат, агародніна. Трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля.развіта слаба. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 70, свіней — каля 50, коз — каля 40. Птушкагадоўля (8,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (15 тыс. т, 1999). Транспарт аўтамаб. і марскі. У краіне 8,3 тыс. км. аўтадарог, у т. л. 4,3 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 128 тыс. легкавых, 27 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Гал. марскія парты: Порт-оф-Спейн, Пуэнт-а-П’ер, Пойнт-Фортын, Скарбара. На астравах 6 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнародныя. Сетка нафтаправодаў і газаправодаў злучае месцы здабычы з перапрацоўчымі і трансп. цэнтрамі. У 1998 экспарт склаў 2,4 млрд. дол., імпарт — 3 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (64%), хімікаты і ўгнаенні, сталь і пракат, цукар, какава, кава, цытрусавыя, кветкі; у імпарце — абсталяванне, трансп. сродкі, прамысл. і харч. тавары, нафта. Гандаль пераважна з ЗША (36,9% экспарту, 44,7% імпарту), краінамі Лац. Амерыкі (адпаведна 39,1% і 18,9%), Вялікабрытаніяй і Японіяй. Т. і Т. — развітая турыстычная краіна, штогод наведвае больш за 200 тыс. турыстаў пераважна з ЗША, Канады, краін Зах. Еўропы. Асн. турыстычныя цэнтры на в-ве Табага. Грашовая адзінка — долар Т. і Т.

Герб і сцяг Трынідада і Табага.
Да арт. Трынідад і Табага. Заходняе ўзбярэжжа вострава Трынідад.

т. 15, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)